Архив новостей - Верховичская СШ
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

21.02.2024

Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён заснаваны ЮНЭСКА па ініцыятыве Бангладэш. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Міжнародны дзень роднай мовы падштурхоўвае нас задумацца аб месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, яе захаванні і перадачы наступным пакаленням. Пра тое ж нагадвае нам і Францішак Багушэвіч, голас якога сёння даносіцца з далёкага XIX стагоддзя:“Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы".

І ў гэты дзень вучні нашай школы разам з настаўнікамі вялі размову пра нашу родную, мілагучную, матчыну мову.На працягу дня вучні актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Гэта і літаратурная гасцёўня “Мая родная мова”, і турнір знаўцаў  мовы “Таямніцы роднай мовы”, і гульня –спаборніцтва “Свая гульня”. А вучні пачатковых класаў прымалі актыўны ўдзел у конкурсу малюнкаў “Мая Беларусь”і ў турніры “Куфар загадак”. Самыя кемлівыя атрымалі падарункі. І ,канешне, разам з вучнямі, студэнтамі , настаўнікамі ўсёй краіны нашы дзеці прынялі ўдзел у напісанні Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове “Памяць і гонар”. Сапраўды, мы павінны імкнуцца лепш ведаць сваю гісторыю, сваю культуру, сваю літаратуру, каб не сорамна было за сябе, за сваю Айчыну. А вучыць ёсць шмат што! Спадчына наша неабдымная! Не дайце загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове!

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова” (Змітрок Бядуля)

Настаўніца ДУА “Вярховіцкая сярэдняя школа” Камянецкага раёна
Карпук Н.А.