Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску
Ужо больш як 20 гадоў у нашай краіне 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. У кожнага народа ёсць такі дзень, калі з асаблівай павагай адносяцца да мовы, да роднага слова. Гэты дзень з’яўляецца Міжнародным днём роднай мовы і святкуецца ва ўсіх краінах свету. Сапраўдных носьбітаў беларускай мовы ў наш час не так многа, таму ў дзень роднай мовы вельмі актыўна праводзіцца папулярызацыя беларускай мовы. І ў нашай школе асаблівую ўвагу надаюць правядзенню мерапрыемстваў на беларускай мове і прысвечаных нашай роднай мове.
Самай значнай падзеяй дня роднай мовы ў гэтым годзе стаў удзел вучняў нашай школы ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове”, якая праходзіла ва ўстанове адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” на філалагічным факультэце, кафедра беларускай філалогіі. Акрамя гэтага для вучняў была арганізавана экскурсія па філалагічным факультэце, дзеці даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра пісьменнікаў, якія бывалі на факультэце ў розныя часы. Таксама вучні пабывалі ў Пушкінскім скверы, які зусім нядаўна быў адкрыты ў Брэсце побач са старым корпусам універсітэта. Акрамя гэтага наведалі Зімовы сад, дзе сярод зімы маглі пабачыць, як на невялікіх дрэўцах растуць апельсіны, лімоны, лайм і многае іншае. Дзень атрымаўся насычаным рознымі падзеямі і пакінуў у памяці многа прыемных успамінаў.



